ГЕРО́Й ПРА́ЦЫ,

ганаровае званне, якое прысвойвалася ў 1927—38 у СССР грамадзянам за асаблівыя заслугі ў вытв. сферы, навук. дзейнасці, дзярж. або грамадскай службе пры стажы работы ў якасці рабочага або служачага не менш за 35 гадоў. Устаноўлена ЦВК і СНК СССР 27.7.1927. Узнагароджаныя і члены іх сем’яў карысталіся льготамі ў галіне жыллёвых правоў, нар. адукацыі, пенсіённага забеспячэння і падаткаабкладання. На Беларусі званне Героя Працы прысвойваў Прэзідыум, пазней Сакратарыят ЦВК БССР па прадстаўленні Цэнтр. Саюза прафсаюзаў Беларусі (ЦСПСБ). З увядзеннем у 1938 звання Герой Сацыялістычнай Працы прысваенне звання Героя Працы спынена.

т. 5, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)